Адвечныя традыцыі Ваўкавышчыны: як нашы калектывы Каляды спраўлялі
Каляды — адно з самых любімых і каларытных святаў беларускага народа, час, калі ў кожную хату прыходзіць надзея, светлая радасць і шчырыя пажаданні. Сёлета творчыя калектывы Ваўкавыскага раённага цэнтра культуры зноў адправіліся ў калядныя вандроўкі, каб падарыць жыхарам раёна сапраўдную атмасферу казкі і народнай спадчыны.
Сапраўдны майстар-клас па захаванні традыцый паказаў узорны фальклорны гурт “Чобаты” з праграмай “На Каляды – усе нам рады!” (відэа). Да святочнага марафону актыўна далучыліся і калектывы філіялаў раёна. Так, "Войткавіцкі Дом культуры" прадставіў абрад “Ой, калядкi, калядачкi!”, а філіял “Дом культуры аграгарадка Юбілейны” правеў праграму “Ой, Калядкі, бліны ды аладкі!”. “Шылавіцкі Дом культуры” парадаваў жыхароў святам “Прыйшлі Святкі – заспявай Калядкі!”, а “Ізабелінскі Дом культуры” сустракаў калядоўшчыкаў лозунгам “Прыйшлі Каляды – усе людзі рады!”. Таксама багатую праграму прадставіў “Мацвееўскі Дом культуры”, падрыхтаваўшы абрад “Наступілі святкі, пачалісь Калядкі!”.
Вуліцы горада Ваўкавыска і вёсак Ваўкавыскага раёна напоўніліся звонкімі спевамі і жартамі. Наперадзе шэсця крочыў Зорканош з яркай каляднай зоркай, асвятляючы шлях калядоўшчыкам. Галоўнай гераіняй дзейства, па традыцыі, стала гарэзлівая Каза, якая «памірала» і «ажывала» пад гучныя апладысменты гледачоў. Сапраўдны каларыт уносіла мудрая Цыганка, а паважны Мядзведзь забаўляў і дарослых, і дзяцей. Не заставаўся без працы і Міханош, чый мяшок хутка напаўняўся смачнымі пачастункамі ад шчодрых гаспадароў.
На працягу абрадаў гучалі старадаўнія песні, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне:
- «Гэй Каляда-калядзіца»,
- «Го, го, го Каза»,
- «Дай баба пірага»,
- «Ой у ляску, у ляску, нат жоўтым пяску» і інш.
Гэтыя мерапрыемствы сталі не проста забавай, а важнай сувяззю часоў. Калядоўшчыкі жадалі гаспадарам моцнага здароўя, багатага ўраджаю і міру ў кожнай хаце. Жыхары раёна з радасцю сустракалі артыстаў, дзякавалі ім за захаванне роднай культуры і магчымасць адчуць сябе часткай вялікай і слаўнай беларускай традыцыі.
#Дзеньроднагасвайго #Деньродногосвоего #Ваўкавыск #ВаўкавыскіРЦК #Каляды #БеларускіяТрадыцыі #Культура #Чобаты #НародныАбрад #Спадчына #Ваўкавышчына #Беларусь
Лучшее 2021
2023 - лучшее
2024 - лучшее
2025 - лучшее






















