«Кожная пятніца — роднае, сваё»: Ваўкавышчына шануе традыцыі і працаўнікоў вёскі
Папулярызацыя ўсяго айчыннага — ад якасных тавараў і смачных страў да мілагучнай роднай мовы і старадаўніх звычаяў — стала асновай новага маштабнага праекта «Кожная пятніца — роднае, сваё». Ваўкавыскі раённы цэнтр культуры з вялікім імпэтам далучаецца да гэтай ініцыятывы, напаўняючы яе глыбокім культурным сэнсам.
Праект накіраваны на павышэнне культуры спажывання, прасоўванне беларускіх брэндаў і падтрымку ўсяго таго, што робіць нас унікальнымі. Але «роднае і сваё» — гэта не толькі матэрыяльныя набыткі, гэта яшчэ і нашая духоўная спадчына, якая яднае пакаленні.
16 студзеня ў межах праекта філіялы Ваўкавыскага раённага цэнтра культуры арганізавалі святочную акцыю для тых, хто штодзённа дбае пра наш дабрабыт — для работнікаў сельскіх гаспадарак раёна. Калядны дэсант завітаў у госці да аграрыяў, каб разнастаіць іх цяжкія працоўныя будні і падарыць часцінку народнай магіі.
Традыцыйныя калядныя персанажы — гарэзлівая Каза, нязграбны, але добры Мядзведзь, мудрая Цыганка і звонкія калядоўшчыкі — прайшлі па гаспадарках вёсак Трунцы, Мацвееўцы, Нізяны, Жорнаўка, Мяштуны, Львоўка і Янавічы.
Выкананне абраду з захаваннем усіх старадаўніх традыцый дазволіла працаўнікам вёскі на імгненне вярнуцца да вытокаў. Гучалі народныя песні, жарты і шчырыя пажаданні багатага ўраджаю ды моцнага здароўя. Асаблівы акцэнт быў зроблены на папулярызацыю роднай мовы: кожнае слова, кожная песня гучалі па-беларуску, падкрэсліваючы прыгажосць і самабытнасць нашага слова.
Удзел работнікаў культуры ў праекце «Кожная пятніца — роднае, сваё» яшчэ раз даказаў: беларускае — гэта якасна, прыгожа і душэўна. Падтрымліваючы сваё, мы захоўваем будучыню нашай краіны!
#Дзеньроднагасвайго #Деньродногосвоего #Ваўкавыск #ВаўкавыскіРЦК #КожнаяПятніцаРоднаеСваё #РоднаеСваё #БеларускіяТрадыцыі #Каляды #КультураВаўкавышчыны #РоднаяМова #Беларусь #НашыПрацаўнікі
Лучшее 2021
2023 - лучшее
2024 - лучшее
2025 - лучшее






















