Сакрэты "Ізабелін кулінарны": падарожжа ў смак роднай Ваўкавышчыны
Чарговая пятніца, 27 сакавіка, у рамках абласнога праекта “Кожная пятніца — роднае, сваё!”, прадоўжыла знаёмства з багатай культурнай спадчынай, звярнуўшыся да адной з самых душэўных і смачных тэм — кулінарнай. Вучні "Мацвееўскай сярэдняй школы" наведалі музейную экспазіцыю “Ізабелін кулінарны” філіяла "Ізабелінскі Дом культуры".
Гэта не проста музей, а сапраўдная скарбніца сямейных традыцый і рэцэптаў, дзе кожны экспанат дыхае гісторыяй. Вітаючы юных гасцей, гаспадыня экспазіцыі, цікава і займальна распавядала пра прызначэнне і гісторыю шматлікіх прадметаў побыту, якімі карысталіся гаспадыні і гаспадары Ваўкавышчыны на сваёй кухні. Тут ажывіліся драўляныя лыжкі і гліняныя гаршкі, качаргі і ручнікі, кожны з якіх меў сваю гісторыю.
Але самае галоўнае — гаспадыня падзялілася сакрэтамі і рэцэптамі, якія гатаваліся не толькі на тэрыторыі Ізабеліна, але і ў іншых вёсках нашага раёна. Дзеці з вялікай цікавасцю слухалі пра тыя стравы, што калісьці былі асновай стала іх прабабуль, і ўяўлялі сабе смак сапраўднай беларускай хатняй кухні.
Пасля такога пазнавальнага падарожжа ў мінулае, дзеці не змаглі засумаваць. Для юных гасцей работнікамі філіяла была падрыхтавана яркая анімацыйная праграма "Забаўлянкі з Петухова ад Алесі і Янкі". Весела і гучна, з гульнямі, песнямі і забавамі, яна дазволіла дзецям адпачыць, пасмяяцца і адчуць радасць ад зносін, замацаваўшы ўспаміны аб гэтым насычаным дні.
Такія мерапрыемствы ў рамках праекта “Кожная пятніца — роднае, сваё!” вельмі важныя. Яны не толькі пашыраюць кругагляд школьнікаў, але і вучаць шанаваць родную зямлю, свае карані, і разумець, што наша культура — гэта не толькі музеі, але і жывыя традыцыі, якія можна паспрабаваць на смак і адчуць сэрцам.
Лучшее 2021
2023 - лучшее
2024 - лучшее
2025 - лучшее



