Жывыя традыцыі Гродзеншчыны: Ваўкавыск прымае І абласны форум майстроў народнай творчасці
29 красавіка ДУК “Ваўкавыскі раённы цэнтр культуры” стаў цэнтрам прыцягнення для знаўцаў і аматараў народнага мастацтва. У гэты дзень стартаваў маштабны двухдзённы І абласны форум майстроў народнай творчасці Гродзенскай вобласці.
Праграма першага дня форуму вызначылася асаблівай насычанасцю. У цэнтры культуры адбылася прэзентацыя лепшых ініцыятыў аддзелаў рамёстваў і традыцыйнай культуры па зберажэнні і развіцці народных мастацкіх промыслаў. У фае ўстановы разгарнулася экспазіцыя “Жывыя традыцыі Ваўкавышчыны”, дзе былі прадстаўлены элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны рэгіёна, а таксама працавала выстаўка-кірмаш вырабаў лепшых майстроў Гродзеншчыны.
Сваім вопытам і навуковымі напрацоўкамі з удзельнікамі падзяліліся ганаровыя госці і эксперты:
- Яўген Міхайлавіч Сахута, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, член экспертнай камісіі па народных мастацкіх рамёствах пры Міністэрстве культуры РБ. Яго даклад быў прысвечаны сучаснаму стану і тэндэнцыям развіцця традыцыйных рамёстваў.
- Канстанцыя-Вікторыя Юр’еўна Герасіменка, носьбіт традыцый маладзечанскай школы выцінанкі, асвятліла праблемы папулярызацыі гэтага віду мастацтва як нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці.
- Ірына Генадзьеўна Кухціна, дырэктар ДУК “Быхаўская дзіцячая школа мастацкіх рамёстваў і мастацтваў”, народны майстар Беларусі, пазнаёміла прысутных з поспехамі магілёўскай школы саломапляцення.
- Аксана Мікалаеўна Васілька, загадчык сектара рамёстваў Свіслацкага РЦКіНТ, распавяла пра перспектывы развіцця знакамітага свіслацкага ганчарства.
- Анатоль Аляксандравіч Кардаш, майстар-кераміст (г.п. Наваельня), прэзентаваў выкарыстанне ганчарства як інструмента развіцця рэгіянальнага турызму.
Работа форуму працягнулася ў тэматычных секцыях: пляценне з прыродных матэрыялаў, выцінанка, ганчарства і кераміка, традыцыйны тэкстыль. У рамках секцый прайшлі прэзентацыі калекцый, майстар-класы і лабараторыі жывых рамёстваў. Кожны ўдзельнік меў унікальную магчымасць атрымаць персанальную кансультацыю ад вядучых экспертаў і майстроў краіны.
Лучшее 2021
2023 - лучшее
2024 - лучшее
2025 - лучшее















































